Разделы
Творчая постаць М. К. Агінскага — унікальная і разам з тым характэрная для сваёй эпохі і дваранска-арыстакратычнай культуры, прадстаўніком якой ён з’яўляўся. Рознабакова адораны і адукаваны, ён праявіў сябе ў дзвюх кардынальна розных сферах: грамадска-палітычнай і музычнай. Дзяржаўная, дыпламатычная і грамадская дзейнасць, адпаведная княскаму паходжанню Міхала Клеафаса і рэаліям часу, была асноўным накірункам яго самарэалізацыі. Музычная ж, як на думку сучаснікаў, так і па ўласным меркаванні Агінскага, не адыгрывала ў яго жыцці першаступеннай ролі. Тым не менш агульнаеўрапейскую вядомасць і славу прынесла яму менавіта кампазітарская творчасць. Яго слынны паланэз “Развітанне з Радзімай” стаіць у шэрагу такіх культавых музычных сачыненняў, як, напрыклад, “Турэцкі марш” Моцарта або “Месяцовая саната” Бетховена. Танцавальнымі і вакальнымі творамі Міхала Клеафаса захаплялася ўся Еўропа: толькі пры яго жыцці яны вытрымалі выданні ў Берліне, Лейпцыгу, Парыжы, Вене, Дрэздэне, Лондане, Пецярбургу, Мілане, Браўншвайгу, Вільні, Варшаке і нават Філадэльфіі. Мастацкія вартасці яго сачыненняў былі прызнаныя многімі выдатнымі музыкантамі ХІХ стагоддзя, у т. л. К. М. Вэберам, Э.-Т.-А. Гофманам, М. Шыманоўскай, Ф. Шапэнам, Ф. Лістам, С. Манюшкам. Дзякуючы бясспрэчнаму музычнаму таленту, меладыйнаму дару і індывідуальнасці творчага почырку, спадчына Агінскага перажыла свой час і заняла адметнае месца ў гісторыі еўрапейскай музычнай культуры.
Музычная дзейнасць і творчасць Міхала Клеафаса бясспрэчна належаць да сферы музычнага аматарства, што было абумоўлена яго княскім паходжаннем. У вялікай ступені гэта вызначыла характар і ступень рэалізацыі Агінскага ў музычным мастацтве. У “Лістах пра музыку” ён самаідэнтыфікуе сябе як аматара, падкрэсліваючы, што чытач “звяртаецца зусім не да вучонага музыканта” /1/. Падобным чынам уяўляла яго і тагачаснае грамадства: так, напрыклад, “прыемнай забавай” называе музыку ў штодзённых занятках князя Канстанцін Тышкевіч /2/. Згодна з саслоўнымі нормамі часу, музыка не магла быць і не стала асноўным відам дзейнасці Міхала Клеафаса, хоць і з’яўлялася важнай часткаю яго жыцця.
Ссылки
1.Ogiński, M.K. Listy o muzyce / M.K. Ogiński. – Kraków: Pol. Wydaw. muz., 1956. – 134 s. – S. 33.
2.Tyszkiewicz, K. Wilia i jej brzegi / K. Tyszkiewicz. – Drezno: Druk. J.I. Kraszewskiego, 1871. – 362 s. – S. 82.
Сам кампазітар у аўтабіяграфічных літаратурных творах неаднаразова сведчыць аб другасным месцы сваёй музычнай дзейнасці, розныя формы якой не станавіліся для яго крыніцай матэрыяльных даходаў. Як слушна адзначае Анджэй Залускі, Міхалу Клеафасу “ніколі не прыходзіла да галавы, нават калі ў яго былі цяжкасці з фінансамі <…>, што ён можа зарабіць грошы дзякуючы сваім творам” /3/. Такім чынам, з сацыяльнага пункту погляду, М. К. Агінскі з’яўляецца тыповым для сваёй эпохі кампазітарам-аматарам высокага паходжання.
Станаўленне асобы Агінскага адбывалася ў адпаведнасці з нормамі агульнай адукацыі знаці. У працэсе музычнага выхавання ён атрымаў добрую музычна-тэарэтычную базу пад кіраўніцтвам Юзафа Казлоўскага (1757-1831) — будучага кампазітара і дырэктара музыкі імператарскіх тэатраў Расіі.
Ссылки
3. Залуский, А. Время и музыка Михала Клеофаса Огинского / А. Залуский. – Минск: Четыре четверти, 1999. – 189 с. – С. 155.
Мяркуючы па ўспамінах самога Міхала Клеафаса, ён не “занядбоўваў правілы кампазіцыі і ў дзяцінстве прысвяціў дастатковую колькасць часу практыкаванням па генерал-басу і вывучэнню тэорыі музыкі” /4/. У таямніцы майстэрства імправізацыі і кампазітарскага пісьма яго пасвяціў вучань Леапольда Моцарта, аўстрыйскі піяніст-віртуоз Ёзэф Вёльфль (1773-1812).
Будучы ўжо дарослым, М. К. Агінскі пастаянна імкнуўся да ўдасканалення сваіх музычных навыкаў, беручы серыі прыватных урокаў у знакамітых майстроў-віртуозаў: французскага кампазітара Жана-Луі Адана, скрыпачоў Джавані Батыста Віёці, П’ера Баё, Шарля Філіпа Ляфона. Як вынікае з успамінаў Міхала Клеафаса, ён досыць сур’ёзна ставіўся да заняткаў са славутымі майстрамі, што было натуральным у цікаўнага музыканта-аматара, прагнага пазнаёміцца з рознымі методыкамі, школамі і выканальніцкімі стылямі. Дзякуючы знатнаму паходжанню, добрай матэрыяльнай забяспечанасці і элітарнаму асяроддзю, Агінскі меў магчымасць творчых сустрэч і сумеснага музіцыравання з самымі выдатнымі выканаўцамі свайго часу.
Ссылки
4. Ogiński, M.K. Listy o muzyce / M.K. Ogiński. – Kraków: Pol. Wydaw. muz., 1956. – 134 s. – S. 31.
На ўсіх этапах сваёй дзейнасці М. К. Агінскі браў актыўны ўдзел у розных формах музычнага жыцця знаці. Тэатральныя пастаноўкі, канцэрты, салонныя імпрэзы стала ўваходзілі ў штодзённае жыццё аўтара паланэзаў, што спрыяла фарміраванню яго вытанчанага музычнага густу. У юнацтве вялікі ўплыў на яго аказала музычная культура магнацкіх рэзідэнцый Рэчы Паспалітай, якія ў 1770–1780-ыя гг. перажывалі свой найвышэйшы росквіт і рэпрэзентавалі высокі ўзровень еўрапейскага музычнага мастацтва.
Неад’емную частку побыту Міхала Клеафаса складала наведванне салонаў у розных краінах Еўропы, дзе ён сустракаўся з многімі знакамітымі музыкантамі і выконваў свае ўласныя творы. Так, напрыклад, на адным з салонных раутаў ён меў магчымасць мімаходам бачыць Вольфганга Амадэя Моцарта /5/. У Берліне ў 1800 годзе Агінскі наведваў слынныя музычныя ранішнікі Антонія Радзівіла /6/. Аўтар “Лістоў аб музыцы” узгадвае, што на розных салонных сустрэчах быў вымушаны “ажно да сапраўднай стомы” іграць свой паланэз F-dur № 1 /7/.
М. К. Агінскі сам неаднойчы выступаў ініцыятарам і арганізатарам музычных спатканняў ва ўласным салоне. Так, актыўнае таварыскае жыццё ён вядзе пад час свайго побыту ў Фларэнцыі ў 1808–1809 гг. “Лісты аб музыцы” паведамляюць, што ў Вялікую пятніцу ў складзе квартэта разам з музыкантамі Луіджы Кампанэлі, Джавані Батыста Граньяні і Джузэпэ Ларэнцы Агінскі зладзіў выкананне “Miserere” Нікола Ёмэлі (салісты Сенэзіна і Джузэпэ Маньелі) /8/. Вядома, што музычныя сустрэчы з удзелам піяніста Фердынанда Рыса праходзілі ў доме Міхала Клеафаса ў Пецярбургу ў 1812–1813 гг./9/.
Ссылки
5. Ogiński, M.K. Listy o muzyce / M.K. Ogiński. – Kraków: Pol. Wydaw. muz., 1956. – 134 s. –. с. 124-125.
6.Тамсама, с. 98.
7.Тамсама, с. 37.
8. Тамсама, с. 87.
9.Тамсама, с. 98.
Сям’я Агінскіх запрашала ва ўласны музычны салон і пад час знаходжання ў Парыжы ў 1809-1811 гг. Генрыета Блэндоўская, прысутная на сустрэчах на вул. Мірамесніль, 11, у сваіх мемуарах занатавала: “Графіня Агінская і яе муж ладзілі ў сябе дома цудоўныя музычныя вечарыны. Графіня была італьянкай, прыхільніцай талентаў і апякункай муз. Я неаднойчы бывала на гэтых вечарах і звярнула ўвагу на Паэра, аўтара вядомых опер “Каміла”, “Арфей і Эўрыдыка” і іншых; там таксама цудоўна выконвалі камічныя арыі скрыпач Род і іншыя... Граф Агінскі сам удзельнічаў у квартэце. Я не памятаю імёнаў усіх віяланчэлістаў, здаецца, быў Ромберг...” /10/.
Вядомым цэнтрам арыстакратычнай культуры, таварыскага жыцця і салонных музычных сустрэч становіцца маёнтак Міхала Клеафаса ў Залессі на Смаргоншчыне, што сярод сучаснікаў атрымаў назву “Паўночных Афінаў”. У параўнанні з буйнымі магнацкімі рэзідэнцыямі XVIII cт. гэты шляхецкі асяродак быў больш камерным і сціплым: як слушна заўважае А. Залускі, “Залессе ніколі не губляла атмасферы інтымнасці” /11/.
Ссылки
10.Błędowska, H. z Działyńskich. Pamiątka przeszłości. Wspomnienia z lat 1794-1832 / H. Błędowska; oprac. i wstępem poprz. K. Kostenicz, Z. Makowiecka. – Warszawa: PIW, 1960. – 574 s. – S. 103.
11.Залуский, А. Время и музыка Михала Клеофаса Огинского / А. Залуский. – Минск: Четыре четверти, 1999. – 189 с. – С. 142.
Надзвычай паказальным для Залесся было квартэтнае музіцыраванне, у якім акрамя Агінскага ўдзельнічалі высокапрафесійныя музыканты. Як паведамляе Канстанцін Тышкевіч, гаспадар звычайна вёў партыю першай скрыпкі, іспанскі скрыпач П’етра (Пэдра) Эскудэра — другой, партыю віяланчэлі выконваў былы настаўнік музыкі гаспадара Юзаф Казлоўскі. Інструментальная музыка змянялася вакальнай: у выкананні спевака і кампазітара Джузэпэ Паліяні гучалі ўрыўкі з італьянскіх опер і рамансы /12/. Такім чынам, у жыцці залескай сядзібнай гасцёўні — тыповага ачага музычнай культуры беларускай знаці, — удзельнічалі музыканты-аматары поруч з прафесійнымі спевакамі і выканаўцамі. Неад’емным складнікам побыту маёнтка было і хатняе музіцыраванне, якім ахвотна займаліся дочкі гаспадара Амелія і Эма, а таксама сын Ірэніуш /13/. Паводле інвентароў залескай сядзібы, у бібліятэцы на другім паверсе палаца, дзе звычайна збіраліся госці князя, стаяла венскае фартэпіяна з чырвонага дрэва /14/.
Ссылки
12.Tyszkiewicz, K. Wilia i jej brzegi / K. Tyszkiewicz. – Drezno: Druk. J.I. Kraszewskiego, 1871. – 362 s. – S. 83.
13.Немагай, С. Музычная дзейнасць прадстаўнікоў роду Агіньскіх: новыя факты і імёны / С.М. Немагай // Валенцій Ваньковіч у кантэксце культуры першай паловы ХІХ стагоддзя: зб. матэрыялаў міжнар. навук. канф., Мінск, 10–12 мая 2000 г. / Беларус. дзярж. акад. музыкі. - Мінск, 2000. – С. 14–20. – С. 17.
14.Трэпет, Л.В. Там, дзе гучалі паланезы / Л.В. Трэпет. – Мінск: Полымя, 1990. – 33 с. – С. 10.
У залескі перыяд М. К. Агінскі, як і многія іншыя прадстаўнікі беларускіх родаў, пэўны час праводзіў у Вільні, дзе меў уласны палац і ўваходзіў у кола гарадской эліты. У гэты перыяд ён плённа ўзаемадзейнічае з музычным асяроддзем былой сталіцы Вялікага Княства Літоўскага, у прыватнасці, удзельнічае ў ініцыятывах сям’і Франкаў. Спецыяльна для голасу Крыстыны Франк, для якой у свой час Гайдн напісаў партыю Евы ў араторыі “Стварэнне свету”, Агінскі прызначае свой вакальны паланэз “Wy co macie serca tkliwe” (“Хто спагаду мае ў сэрцы”) /15/.
Адным з захапленняў Агінскага было калекцыяніраванне музычных каштоўнасцяў, тыповае для прадстаўнікоў заможных беларускіх родаў. Захаваліся пэўныя звесткі пра збіранне Міхалам Клеафасам як музычных інструментаў, так і нотаў. Ігар Бэлза даводзіць пра сабраную ім калекцыю струнных інструментаў /16/. Ускосна на гэта ўказвае і пяты “Ліст аб музыцы”, які сведчыць, што Агінскі быў добрым знаўцам інструментарыя свайго часу і мінулых эпох. Па сведчанню К. Тышкевіча, у залескі перыяд кампазітар пастаянна выпісваў новыя ноты з-за мяжы, што дазваляе меркаваць аб наяўнасці ў яго музычнай бібліятэкі /17/.
Ссылки
15.Немагай, С. Камерна-вакальныя творы Міхала Клеафаса Агінскага [Прадмова да выдання] / С. Немагай // Агінскі, М. К. Рамансы. Творы для голасу ў суправаджэнні фартэпіяна. – Мінск: Ковчег, 2013. – С. 3-9.
16.Бэлза, И.Ф. Забытые польские музыканты. Михаил Клеофас Огиньский. Кароль Курпиньский. Юльюш Зарембский / И.Ф. Бэлза. – М.: Изд-во Акад. наук СССР, 1963. – 143 с. – С. 22.
17.Tyszkiewicz, K. Wilia i jej brzegi / K. Tyszkiewicz. – Drezno: Druk. J.I. Kraszewskiego, 1871. – 362 s. – S. 83.
Гіпатэтычна можна сцвярджаць, што у зборы М. Агінскага пераважала камерна-ансамблевая музыка, вялікім аматарам і знаўцам якой ён быў, а таксама фартэпіянныя і вакальныя творы, распаўсюджаныя ў практыцы салоннага і хатняга музіцыравання і неабходныя для навучання музыцы дзяцей кампазітара.
Вядома, што Міхал Клеафас таксама меў альбомную калекцыю аўтографаў знакамітых музыкантаў, сярод якіх былі ўзоры Людвіга ван Бетховена, Яна Ладзіслава Дусіка, Юзафа Эльснера, Караля Курпінскага, Караля Ліпінскага, Антонія Радзівіла, Марыі Шыманоўскай /18/. У сваю чаргу, творы Агінскага, што з’яўляліся своеасаблівым прадметам калекцыяніравання, сустракаюцца ў шматлікіх рукапісных альбомах-зборніках свайго часу. Так, напрыклад, паланэз a-moll прадстаўлены ў альбоме Марыі О’Бёрн /19/, а альбом Зоф’і Валеўскай змяшчае “Жалобны марш” d-moll, а таксама рамансы “Мінулі шчасця дні” і “Родная вёска” /20/.
Ссылки
18.Бэлза, И.Ф. Михал Клеофас Огиньский / И.Ф. Бэлза. – 2-е изд. – М.: Музыка, 1974. – 127 с. – С. 112.
19.Marche funebre [Зборнік фартэпіянных і вакальных твораў М. О’Бёрн. Альбом. 1850-я гг.] // Бібліятэка Віленскага універсітэта (БВУ). – Fond 45. – № 172. – S. 163.
20.Rękopisy muzyczne 1. połowy XIX wieku ze zbiorów Biblioteki Narodowej: katalog / oprac. W. Bogdany-Popielowa. – Warszawa: Bibl. Nar., 1997. – 245 s. – S. 181, 185
На працягу ўсяго жыцця аўтар папулярных паланэзаў быў пастаянным наведвальнікам оперных спектакляў і канцэртаў. Пра гэта сведчаць чацвёрты і пяты “Лісты аб музыцы”, што ўяўляюць сабой велізарную галерэю партрэтаў знаёмых князю выканаўцаў і ўспамінаў аб іх выступленнях /21/. Пра неверагодную насычанасць музычных уражанняў Міхала Клеафаса і яго глыбокую зацікаўленасць тэатральным мастацтвам гаворыць і вялікі спіс найлепшых, на яго думку, опер (100 назваў) і іх аўтараў (36 прозвішчаў) /22/.
Тыповай для музычнай культуры арыстакратыі была і выканальніцкая дзейнасць Агінскага, які іграў на фартэпіяна і скрыпцы — інструментах, распаўсюджаных у яго асяроддзі. Музіцыраванне вабіла кампазітара перш за ўсё як спосаб суадносін з іншымі людзьмі. У сваёй біяграфіі ён зазначае, што “ніколі не меў ні часу, ні цярплівасці іграць адзін, без суправаджэння і шмат разоў аддаваў перавагу сумеснай ігры на якім-небудзь інструменце” /23/.
Ссылки
21.Агінскі, М. К. Лісты аб музыцы. Карэспандэнцыя. Укладанне, каментарыі, уступны артыкул С. Немагай / М. К. Агінскі. – Мінск: “Каўчэг”, 2018. – 374 с. – С. 117-217.
22.Тамсама, С. 133-141.
23.Агінскі, М.К. Мая біяграфія зь дзяцінства па 1788 г., эпоху, калі пачынаюцца мае мэмуары / М.К. Агінскі // Спадчына. – 1998. – № 5. – С. 81–99. – С. 96.
Як красамоўна сведчыць сам Міхал Клеафас, яго заняткі музыкай насілі нерэгулярны характар: “Калі ў свае 20 гадоў я навучыўся іграць без падрыхтоўкі, то мог гадамі не сядаць за фартэпіяна; я вяртаўся да яго час ад часу, але не надоўга, і з 1797 г. пакінуў яго назусім і карыстаўся толькі зрэдку, калі ў мяне з’яўлялася фантазія ўзяць некалькі акордаў і ўкласці некалькі музычных твораў, якія звычайна мелі вялікі поспех” /23/. І ўсё ж, нягледзячы на спарадычнасць такога музіцыравання, менавіта фартэпіяна, а не скрыпка стала асноўным інструментам для кампазітарскіх вопытаў Агінскага. Мяркуючы па фактурнаму абліччу яго фартэпіянных і камерна-вакальных твораў, можна зрабіць выснову аб адносна добрым, але тэхнічна недасканалым валоданні гэтым інструментам, што было тыповым для музыкантаў-аматараў з колаў эліты.
Значна большую ўвагу Агінскі надаваў ігры на скрыпцы — інструменце, на якім ён у большай меры рэалізаваў сябе як выканаўца. “Я займаўся больш на скрыпцы, хаця вучыўся ігры на ёй у два прыёмы з інтэрвалам у 10 гадоў”, — піша Міхал Клеафас ва ўспамінах /23/. Перапынак у занятках быў выкліканы блізарукасцю князя, якая “рабіла немагчымым чытанне нот без усаджэння носа ў пюпітр, што ўскладняла рухі смычка” /26/. Вяртанне да скрыпкі адбылося ў 1808 г. у Фларэнцыі дзякуючы Луіджы Кампанэлі, які параіў Агінскаму карыстацца акулярамі і навучыў яго нардзініеўскаму метаду выканання adagio.
Сучаснікі Міхала Клеафаса даволі высока ацэньвалі яго скрыпічную ігру. Так, К. Тышкевіч называе яго “вопытным музыкантам”, які без падрыхтоўкі выдатна чытаў ноты з аркуша /27/. Беларускі кампазітар і віртуоз Міхал Ельскі даводзіць, што Агінскі быў “таленавітым скрыпачом”, а яго ігра “як даносіць традыцыя, была настолькі поўнай прывабнасці і таленту, што ён неаднойчы выступаў як віртуоз публічна ў канцэртах” /28/.
Ссылки
26.Ogiński, M.K. Listy o muzyce / M.K. Ogiński. – Kraków: Pol. Wydaw. muz., 1956. – 134 s. – S. 110.
27.Tyszkiewicz, K. Wilia i jej brzegi / K. Tyszkiewicz. – Drezno: Druk. J.I. Kraszewskiego, 1871. – 362 s. – S. 83.
28.Jelski, M. Kilka wspomnień z przeszłości muzycznej Litwy / M. Jelski // Echo muz. – 1881. – № 22. – S. 169–171. – S. 171. Апошняе сцверджанне М. Ельскага аб публічных выступленнях М. Агінскага выклікае абаснаваныя сумневы, паколькі аніводнага дакументаванага сведчання аб гэтай дзейнасці аўтара паланэзаў не захавалася.
Як і многія іншыя прадстаўнікі беларускай радавой знаці, М. К. Агінскі неаднойчы праяўляў сябе як мецэнат музычнага мастацтва, даючы працу многім прафесійным выканаўцам. Так, у 1791–1792 гг. на службе ў князя ў Варшаве быў аўстрыйскі піяніст Ёзэф Вёльфль. Ён ўдзельнічаў у хатніх музычных імпрэзах, выступаў сола і даваў Агінскаму ўрокі фартэпіяннай ігры, кампазіцыі і імправізацыі /29/. У залескі перыяд у Міхала Клеафаса працаваў іспанскі скрыпач Пэдра Эскудэра /30/ (1791–1868), знаёмства з якім адбылося ў класе прафесара Парыжскай кансерваторыі П’ера Баё. З 1811 па 1822 г. з домам Агінскіх быў звязаны італьянскі спявак і кампазітар Джузэпэ Паліяні (1781–?), які быў запрошаны для навучання музыцы дзяцей свайго мецэната, а таксама ўдзелу ў хатнім музіцыраванні /31/. Вядома, што да выезду ў Фларэнцыю Міхал Клеафас падтрымліваў і свайго былога настаўніка Юзафа Казлоўскага.
Ссылки
29.Бэлза, И.Ф. Михал Клеофас Огиньский / И.Ф. Бэлза. – 2-е изд. – М.: Музыка, 1974. – 127 с. – С. 35-36.
30.Агінскі, М. К. Лісты аб музыцы. Карэспандэнцыя. Укладанне, каментарыі, уступны артыкул С. Немагай / М. К. Агінскі. – Мінск: “Каўчэг”, 2018. – 374 с. – С. 195.
31.Тамсама, С. 141-142.
Захаваліся сведчанні таго, што Агінскі ўдзельнічаў у збіранні сродкаў на асобных харытатыўных музычных імпрэзах. Так, паводле ўспамінаў Ёзэфа Франка, падчас дабрачыннага канцэрта, што адбыўся ў Вільні 1 сакавіка 1807 г., Міхал Клеафас вылучыў даволі значную суму ў 50 дукатаў на даход Таварыства хатняй доктарскай дапамогі /32/. Вядомы і яшчэ адзін факт мецэнацкай дзейнасці кампазітара: прызначэнне віленскаму Таварыству дабрачыннасці даходаў з продажу зборнікаў паланэзаў і рамансаў, выдадзеных ім у 1817 г. на ўласныя сродкі /33/.
Як мецэнат М. Агінскі праявіў сябе і ў адносінах да маладзечанскага шляхецкага павятовага вучылішча, пераведзенага па яго ініцыятыве з Бабруйска. У 1814 г. ён ахвяраваў гэтай установе вялікі збор кніг, нотаў і навучальнага інвентару, аб чым сведчыць захаваны “Рэестр кніг, эстампаў, інструментаў фізічных, музычных і нотаў” /34/. Бібліятэка, а таксама інструменты былі маёмасцю, якая перайшла да Міхала Клеафаса пасля смерці яго маладзечанскага дзядзькі, кухмістра вялікага літоўскага Францішка Ксаверыя Агінскага (1742–1814), што пацвярджае дата складання рэестра — 15 мая 1814 г.
Ссылки
32. Frank, J. Pamiętniki: w 3 t. /J. Frank. – Wilno: Kurier Litewski, 1913. – T. 1. – 235 s. – S. 200-201.
33.Ogiński, M.K. Listy o muzyce / M.K. Ogiński. – Kraków: Pol. Wydaw. muz., 1956. – 134 s. – S. 46.
34.Rejestr ksiąg, estampów, narzędzi fizycznych, muzycznych i not przez Jaśnie Oświeconego Xiążęcia Michała z Kozielska Ogińskiego Senatora Państwa i Kawalera Szkole Mołodeczańsko-Wileyskiey na użytek uczącey się młodzi darowanych Roku 1814 miesiąca maia 15 dnia // Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі (НГАБ). – Фонд 458 – Воп. 1. – Спр. 2.
У гэтым каштоўным дакуменце значацца восем невялікіх скрыпак са смыкамі і двума футараламі, тры старыя “басэтлі” (віяланчэлі), а таксама 12 духавых інструментаў — фаготаў, кларнетаў, валторнаў. Перададзены вучылішчу нотны збор уключаў рукапісныя і друкаваныя асобнікі свецкай і духоўнай музыкі. Першая была прадстаўленая вакальнымі і інструментальнымі творамі розных жанраў, сярод якіх — арыі і дуэты, паланэзы, санаты, канцэрты для розных інструментаў, сімфоніі, серэнады, а таксама ўзоры камерна-ансамблевай музыкі — трыо, квартэты, квінтэты і секстэты. Рукапісныя асобнікі духоўнай музыкі ўключалі месы, нешпары і літаніі /35/.
Як і многія іншыя прадстаўнікі яго асяроддзя, М. К. Агінскі неаднаразова выступаў у ролі арганізатара публічнага музычнага жыцця /36/. Так, разам з Тамашом Ваўжэцкім і Юзафам Сулістроўскім ён з’яўляўся аўтарам праекта літоўскага нацыянальнага тэатра, які захаваўся ў мемуарах Ёзэфа Франка /37/. У апошні, фларэнтыйскі перыяд жыцця кампазітар садзейнічаў арганізацыі шэрагу канцэртаў выдатнай польскай піяністкі Марыі Шыманоўскай /38/.
Ссылки
35.Агінскі, М. К. Лісты аб музыцы. Карэспандэнцыя. Укладанне, каментарыі, уступны артыкул С. Немагай / М. К. Агінскі. – Мінск: “Каўчэг”, 2018. – 374 с. – С. 325-326.
36.Miller, A. Teatr polski i muzyka na Litwie jako strażnice kultury Zachodu (1745-1865): studium z dziejów kultury polskiej / A. Miller. – Wilno: Nakł. wyd. im. Stanisława i Tekli z hr. Borchów Łopacińskich, 1936. – 245 s. – S. 170.
37.Frank, J. Pamiętniki: w 3 t. /J. Frank. – Wilno: Kurier Litewski, 1913. – T. 2. – 207 s. – S. 134-136; Немагай, С. М. Жыццё і творчасць М. К. Агінскага ў каардынатах яго часу і культурнага асяроддзя. Гісторыка-тэарэтычнае даследаванне / С. М. Немагай. – Мінск: Беларуская дзяржаўная акадэмія музыкі, 2007. – 520 с. – С. 358-360.
38. Бэлза, И.Ф. Михал Клеофас Огиньский / И.Ф. Бэлза. – 2-е изд. – М.: Музыка, 1974. – 127 с. – С. 112.
Плённы па самарэалізацыі ў музычным мастацтве, М. К. Агінскі з’яўляецца і аўтарам музычна-эстэтычнай працы “Лісты аб музыцы” (1828 г.). Як каштоўнае люстэрка Агінскага-музыканта, яна высвятляе аматарскую прыроду музычнай творчасці кампазітара, кола яго інтарэсаў, адлюстроўвае шырокую панараму музычнага жыцця розных краін свету і культуры арыстакратыі. Па трапнай заўвазе Тадэвуша Струмілы, гэтая праца кампазітара з’яўляецца “падрахункам яго мастацкай дзейнасці, падвядзеннем вынікаў і галоўным вызнаннем веры з эстэтычнага пункту погляду”/39/. Падрыхтоўчым матэрыялам для напісання гэтай працы ў вялікай ступені паслужыў часткова выдадзены “Збор лістоў Міхала Агінскага, які змяшчае апісанні яго падарожжаў у Галандыю, Францыю, Англію, Расію, Германію, Італію, Турцыю і г.д. і г.д. і які служыць дапаўненнем да яго «Мемуараў аб Польшчы і паляках»” /40/.
Ссылки
39.Strumiłło, T. Źródła i początki romantyzmu w muzyce polskiej / T. Strumiłło. – Kraków: Pol. Wydaw. muz., 1956. – 208 s. – S. 127.
40.Агінскі, М. К. Лісты аб музыцы. Карэспандэнцыя. Укладанне, каментарыі, уступны артыкул С. Немагай / М. К. Агінскі. – Мінск: “Каўчэг”, 2018. – 374 с. – С. 240-275.
Аддаючы даніну розным відам музычнай дзейнасці, М. К. Агінскі найбольш ярка і плённа рэалізаваў сябе ў кампазітарскай творчасці. Яму належыць больш за 40 фартэпіянных п’ес, 28 камерна-вакальных твораў, аднаактная опера “Зэліс і Валькур, альбо Банапарт у Каіры”.
Перыяд творчай актыўнасці кампазітара доўжыўся каля 37 гадоў — ад стварэння першых паланэзаў у 1792 г. да выйсця з друку апошніх рамансаў у 1829 г. Найбольшую папулярнасць і еўрапейскі розгалас прыносіць яму адзін з ранніх паланэзаў F-dur № 1, вядомы як “Любімы паланэз” ці “Паланэз смерці”. У час касцюшкаўскага паўстання Агінскі стварае шэраг незахаваных да сённяшняга дня вайсковых і патрыятычных песняў і маршаў, якія, па словах аўтара, “уздымалі адвагу, энэргію і запал яго сяброў па зброі” /41/.
Ссылки
41.Ogiński, M.K. Listy o muzyce / M.K. Ogiński. – Kraków: Pol. Wydaw. muz., 1956. – 134 s. – S. 37
Да гэтага ж перыяду належаць творы, напісаныя ў перыяд васьмігадовай эміграцыі князя. Да іх адносіцца “Марш легіёнаў” F-dur (1797), “Мазурка Дамброўскага” на словы Юзафа Выбіцкага /42/, а таксама некаторыя паланэзы “у змрочным настроі”, створаныя “ў вольныя хвіліны ў Неапалі, Канстанцінопалі, а пазней ў Парыжы і Берліне” /43/. У 1798–1799 гг. Агінскі піша оперу “Зэліс і Валькур”. У 1802 г. у Пецярбургу быў выдадзены першы зборнік вакальных твораў Міхала Клеафаса, які ўключаў у сябе шэсць французскіх рамансаў, франкамоўныя шансон і віланэлу, а таксама шэраг твораў на італьянскай: вакальны паланэз, дзве канцанеты і lamentabile /44/. У наступнае трыццацігоддзе з-пад пяра Агінскага выходзілі новыя фартэпіянныя п’есы, франка-, італа- і польскамоўныя вакальныя творы, якія друкаваліся пераважна паасобку альбо невялікімі сшыткамі /45/.
Ссылки
42.Праблема аўтарства мелодыі “Мазуркі Дамброўскага” неаднойчы абмяркоўвалася ў польскай навуковай літаратуры і перыядычным друку. У сучасных даследаваннях гэтае пытанне вырашаецца на карысць М. К. Агінскага. Гл.: Kamieński, L. Kto był kompozytorem naszego hymnu narodowego / L. Kamieński // Muzyka. – 1934. – № 6–7. – S. 245–249; Zetowski, S. A jednak Ogiński jest twórcą naszego Hymnu / S. Zetowski. – Muzyka. – 1935. – № 1–2. – S. 10–17; Załuski, A. Dwie zagadki: epizody w życiu Michała Kleofasa Ogińskiego / A. Załuski. – London: Caldra House Ltd, 2000. – 63 s.; Załuski, A. Michał Kleofas Ogiński: życie, działalność i twórczość. – Londyn: Pol. fund. kulturalna, 2003. – 135 s.
43.Ogiński, M.K. Listy o muzyce / M.K. Ogiński. – Kraków: Pol. Wydaw. muz., 1956. – 134 s. – S. 38.
44.Немагай, С. Камерна-вакальныя творы Міхала Клеафаса Агінскага [Прадмова да выдання] / С. Немагай // Агінскі, М. К. Рамансы. Творы для голасу ў суправаджэнні фартэпіяна. – Мінск: Ковчег, 2013. – С. 3-9.
45.Burhardt, S. Polonez: katalog tematyczny = Polonaise: thematic catalogue. 2, 1792–1830 / S. Burhardt. – Kraków: Polskie Wydaw. muz., 1976. – 662 s.
Кампазітарская дзейнасць Міхала Клеафаса маркіруецца цэлым шэрагам прыкмет, характэрных для творчасці прадстаўнікоў знаці. У адрозненне ад сістэмы і ўмоў працы прафесійных музыкантаў, працэс сачынення меў у яго, як і ў іншых аматараў, спарадычны характар. Гэта тлумачыць факт адносна невялікага аб’ёму яго музычнай спадчыны. Разам з тым яна з’яўляецца дастаткова разгорнутай і разнастайнай у параўнанні з адзінкавымі вопытамі многіх арыстакратаў.
Тыповым для творчасці знатных аматараў з’яўляецца і кола жанраў, у якіх найбольш ярка рэалізаваў сябе М. К. Агінскі. Паказальнымі тут выступаюць узоры фартэпіяннай і камерна-вакальнай музыкі, сярод якіх дамінуюць паланэзы і рамансы, распаўсюджаныя ў дваранска-шляхецкім побыце /46/.
Фартэпіянная творчасць кампазітара таксама прадстаўленая вальсамі, мазуркамі, кадрылямі, маршамі, менуэтам і галопам — пераважна танцавальнымі жанрамі, папулярнымі ў аматарскім асяроддзі. Раскрываючы сябе ў названых сферах, Міхал Клеафас дасягае пэўнай дасканаласці іх вобразнага ўвасаблення. “Калі і існуюць паланэзы з такой глыбокай выразнасцю, дык гэта паланэзы графа Агінскага — наўрад ці можна адшукаць больш прывабную дасканаласць формы”, — адзначаў у сваёй рэцэнзіі Э. Т. А. Гофман, аўтар знакамітай казкі “Шчаўкунок і мышыны кароль” /47/. Аднак у адрозненне ад многіх аматараў, Міхал Клеафас звяртаўся і да буйной формы: опера “Зэліс і Валькур” сведчыць пра наяўнасць у яго тэарэтычных ведаў і практычных навыкаў кампазітарскага і аркестравага пісьма.
Ссылки
46.Сімптаматычна, што нават пры добрым веданні скрыпкі і вялікім вопыце ігры ў квартэце кампазітар не пісаў скрыпічных, камерна-ансамблевых твораў і кампазіцый з пашыраным інструментальным складам.
47.Hoffmann, E. T. A. Zwölf Polonoisen für Pianoforte vom Grafen Oginsky(i), gesammlet vom Herrn Staatsrath Kozlovsky(i). Berlin, bey Concha et Comp. / E. T. A. Hoffmann // Allgemeine Musikalische Zeitung. – 1814. – 23 Nov. – Nr. 47. – S. 792-794
Паказальнай у сачыненнях Міхала Клеафаса з’яўляецца прысутнасць сентыментальна-элегічнай вобразнасці і тону меланхоліі, тыповыя для твораў, што бытавалі ў салонна-арыстакратычным асяроддзі перадрамантычнай пары. Характэрнай у гэтым плане выступае і дамінанта любоўна-лірычнай сферы ў камерна-вакальнай музыцы кампазітара.
Як і большасць кампазітарскіх вопытаў знатных аматараў, творы Агінскага адрознівае нескладанасць сродкаў музычнай мовы. У іх пераважаюць танальнасці з невялікай колькасцю ключавых знакаў, прастата гармоніі, што не выходзіць за межы класічных нормаў, празрыстасць фактуры і няхуткія тэмпы. Многія творы маюць структуры, тыповыя для тагачасных танцавальных і вакальных мініяцюр. Разам з тым, Міхал Клеафас пастаянна імкнуўся выйсці за межы форм-клішэ: прыкладам гэтаму з’яўляецца раманс “Абуджэнне”, пабудова якога набліжаецца да скразнога тыпу.
Падобна да многіх кампазітарскіх вопытаў арыстакратаў, творы Агінскага нясуць на сабе пячатку аматарскага почырку, пэўную адметнасць кампазітарскага пісьма, што адзначаў у сваёй рэцензіі і Гофман. Аднак прыкметы тэхнічнай недапрацаванасці і няроўнасці, тыповыя для ўзораў непрафесійных аўтараў, сустракаюцца ў яго досыць рэдка, што сведчыць аб даволі добрым валоданні асновамі тэорыі музыкі і гармоніі.
Творчасць М. К. Агінскага не была пазбаўлена і некаторых эўрыстычных для свайго часу ідэй. Адным з першых кампазітар становіцца на шлях пераасэнсавання і паэтызацыі жанру паланэза. У вобласці рамансавай лірыкі ён эксперыментуе ў накірунку збліжэння музыкі і слова, што дазваляе яму пераадолець межы традыцыйных форм-структур. Князю таксама належыць надзвычай смелая ідэя ўключэння рэальных гістарычных асобаў у кола персанажаў оперы “Зэліс і Валькур” (Напалеон Банапарт, Юзаф Сулкоўскі). Нязвыкла паглыбленай для таго часу з’яўляецца і музычная распрацоўка ў гэтай оперы арыентальнай тэмы.
У цэлым, кампазітарская дзейнасць М. К. Агінскага была сугучнай творчасці іншых прадстаўнікоў музычнай культуры эліты. Разам з тым, як выключна яркая і крэатыўная асоба, у сваіх разнажанравых сачыненнях ён дасягае той дакладнасці адлюстравання і ўвасаблення музычных вобразаў эпохі, той ступені мастацкай дасканаласці, якія ў пэўнай меры выводзяць яго музычную спадчыну за межы сферы аматарства.
У цэлым музычная дзейнасць выдатнага прадстаўніка беларускай знаці М. К. Агінскага, не з’яўляючыся асноўным відам яго самарэалізацыі, знайшла плённае праяўленне ў розных відах музычнай практыкі: грунтоўнай музычнай адукацыі і занятках са славутымі музыкантамі; наведванні оперных спектакляў і канцэртаў; удзеле ў салонным і хатнім музіцыраванні; мецэнацтве; калекцыяніраванні нотаў, музычных інструментаў і аўтографаў; арганізацыі музычнага жыцця і стварэнні хатняга квартэта; напісанні музычна-эстэтычнай працы “Лісты аб музыцы” і кампазітарскай творчасці.